Цікавае падарожжа

13.11.2021

Вучні Старасвержанскай сярэдняй школы трынаццатага лістапада 2021 года адправіліся на экскурсію па маршруце “Косава – Ружаны - Брэсцкая крэпасць - музей “Бярэсце””. Узроставая катэгорыя складала 9-16 год.

Нягледзячы на пахмурнае туманнае надвор’е настрой у турыстаў быў бадзёры. Ад’езд ад школы адбыўся а 9 гадзіне раніцы. Ужо праз гадзіну туман стаў знікаць. “Едзем жа на поўдзень, зараз будзем загараць,” - смяяліся малодшыя вучні. Цікава было назіраць за восеньскімі з’явамі ў прыродзе: па меры перамяшчэння ў паўднёвым накірунку было заўважана, што ў Брэсцкай вобласці яшчэ ва ўсю цвітуць ружы. Яшчэ не ўсё лісце скінулі лістоўніцы і шырокалісцёвыя пароды дрэў. Навучэнцы заўважылі для сябе новыя назвы населеных пунктаў, напрыклад:  Аляксейкі, Магільчыцы і інш..

Першым прыпынкам стаў палац Пуслоўскіх ХІХ стагоддзя, што ў Косава. Дзеці даведаліся, што яго заснавальнікам быў Вайцех Пуслоўскі. Складаны лёс выпаў на долю гэтай пабудовы, шмат мянялася ў яе гаспадароў: Вандалін Пуслоўскі – сын Вайцеха, затым яго ўнук – Леанард Пуслоўскі, які прадаў спадчыну за 700 тысяч рублёў, каб пагасіць даўгі за гульню ў карты. Затым палац быў набыты расійскім купцом Аляксандравым, затым княгіняй Ганнай Трубяцкой, затым княгіняй Абамалек, затым князем Альдэнбургскім. А потым прыйшла Вялікая Айчынная вайна… Сёння кожны беларус павінен бачыць, як аднавіўся, і працягвае сваю рэканструкцыю гэты палац. Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 №437 Косаўскі замак уключаны ў лік 27 аб’ектаў, якія фінансуюцца з рэспубліканскага бюджэту.   Такую прыгажосць, веліч, непаўторнасць, раскошу, бляск нават складана ўявіць, а гэта зусім побач – толькі наведай Івацэвіцкі раён. Месца для будаўніцтва палаца было абрана невыпадкова: праз дарогу сядзіба Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі. На сённяшні дзень адбудавана пасля зруйнавання ў гады Вялікай  Айчыннай вайны месца нараджэння вядомага рэвалюцыянера. Бронзавая скульптура Т. Касцюшкі запрашае зазірнуць у гісторыю нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года.

Задаволеныя, здзіўленыя і ўражаныя ад убачанага вучні працягнулі падарожжа. Сеўшы ў аўтобус, паляцелі фотаздымкі па сетцы Інтэрнет, дзе ўжо паспелі пабываць старасвержанскія турысты.

Другім прыпынкам быў населены пункт Ружаны: Радавое гняздо роду Сапегаў з гербам Вялікага Княства Літоўскага. Тут таксама вядуцца работы па рэканструкцыі візітнай карткі беларускай архітэктуры канца XVIII стагоддзя “Беларускі Версаль”. Некаторыя палацы адноўлены, там можна праводзіць нават рэгістрацыю шлюбу. Большая ж частка палаца знаходзіцца ў руінах, куды нельга заходзіць па тэхніцы бяспекі. Існуе легенда, што з Ружанскага радавога гнязда Сапегаў можна дабрацца да Косаўскага палаца па падземнаму тунэлю. У Ружанах таксама можна наведаць царкву святых Пятра і Паўла, Троіцкі касцёл і касцёл Святога Казіміра.

Трэцім, асноўным, прыпынкам экскурсіі было наведванне Брэсцкай крэпасці – героя.  Месца для будаўніцтва цытадэлі было абумоўлена важным ваенна-стратэгічным становішчам, якое займаў Брэст-Літоўск на Заходнім краі Расійскай імперыі. Легендарныя Холмскія вароты… 22 чэрвеня 1941 года ў 4.45 пачаўся штурм крэпасці. Абаронцы змагаліся мужна трыццаць два дні. 23 ліпеня 1941 года быў узяты ў палон маёр Гаўрылаў, які камандаваў абаронай Усходняга форта, па афіцыйных звестках апошні абаронца крэпасці. З таго часу  Брэсцкая крэпасць лічыцца сімвалам непахіснай стойкасці савецкага народа і важным сімвалам афіцыйнай грамадзянска-патрыятычнай прапаганды. 8 мая 1965 года Брэсцкай крэпасці прысвоена званне крэпасць-герой. З 1971 года з’яўляецца мемарыяльным комплексам. 9 мая 1972 года на Пост №1 ля Вечнага агню Брэсцкай крэпасці заступілі піянеры. 23 лютага 1992 года на тэрыторыі мемарыяла быў адчынены музей “Баявой славы авіятараў”. Нашых рабят натхнілі музейныя экспанаты, “жывая гісторыя вайны”, да якой можна дакрануцца. Многія з іх з упэўненасцю казалі: “Хочам стаць салдатамі - абавязкова пойдзем у армію”. Здаецца, што нават паветра там іншае, дыхаецца інакш, успрымаецца інфармацыя больш па-даросламу. На жаль, існуе шмат праблем па захаванні архітэктурнай спадчыны, кансервацыі пэўных вежаў, участкаў сцен і інш..

Да чацвёртага пункта пайшлі пешшу. Уражаныя ад убачанага, навучэнцы ішлі моўчкі, кожны вынес нешта для сябе. Прайшоўшы праз паўднёвыя вароты, турысты трапілі на мост праз р. Заходні Буг, адкуль да суседняй Польшчы  засталося ўсяго некалькі крокаў, збочылі направа – да музея “Бярэсце”. 2 сакавіка 1982 года быў адчынены унікальны археалагічны музей сярэдневяковага усходнеславянскага горада. Тут засяроджана 28 невялікіх драўляных дамоў і гаспадарчых пабудоў ХІІІ стагоддзя. Шматлікія археалагічныя знаходкі даюць уяўленне аб эканамічным і культурным жыцці горада, занятках яго тагачасных жыхароў. У музеі знаходзіцца больш за 42 тысячы адзінак  музейных экспанатаў, кожны з якіх непаўторны і своеасаблівы.

 Экскурсія аказалася вельмі насычанай для дзяўчынак і хлопчыкаў, у іх  засталося шмат уражанняў і новых адкрыццяў. Дарога дамоў была значна карацейшай, так як вучні актыўна дзяліліся ўбачаным, перажытым. Суботні дзень закончыўся, а ўражанні застануцца ў памяці на ўсё жыццё.